УША́ЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі, акруга Беларускага Паазер’я. На Пн Беларусі, у цэнтр. ч. Віцебскай вобл. Мяжуе з Полацкай нізінай на ПнЗ, Пн і У, Чашніцкай раўнінай на ПдУ, Верхнебярэзінскай нізінай на Пд і З, Свянцянскімі градамі на З. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 115 км, з З на У на 45 км. Пл. 3,4 тыс. км². Найб. выш. 279 м на Лукомскім узвышшы.

Прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў пратэразою, кембрыю, дэвону і антрапагену. Найб. пашыраны адклады жывецкага і эйфельскага ярусаў дэвону (гліны, пяскі, мергелі, алеўрыты). У фарміраванні У.-Л.ў. вял. значэнне маюць антрапагенавыя адклады (магутнасць да 120 м) усіх ледавіковых эпох і міжледавікоўяў. Марэнныя ўзвышшы і раўнінныя ўчасткі складзены з чырвона-бурых валунных суглінкаў паазерскага ледавіка; у паніжэннях, паблізу азёр, у будове камаў і озаў пашыраны пяскі і пясчана-жвіровыя сумесі.

У сучасным рэльефе ўзвышша вылучаюць: Кубліцкае ўзвышша і Пышнагорскае ўзвышша на З і Лукомскае ўзвышша на крайнім ПдУ з выш. больш за 200 м. Большую ч. тэр. з выш. 150—200 м займае пласкахвалісты рэльеф з адноснымі перавышэннямі 8—10 м. На мяжы з Полацкай нізінай рэльеф найб. парэзаны і кантрастны, дзе паміж азёрнымі і балотнымі катлавінамі ўзвышаюцца озы і камы з адносным перавышэннем 30—40 м. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель. Найб. рэкі Ушача, Тураўлянка, Дзіва, вытокі Улы. Многа азёр, якія злучаюцца пратокамі і невял. рэкамі, у т. л. Лепельскае возера, Ушацкая група азёр. Гідралагічны заказнік Крывое. Характэрна драбнаконтурнасць глеб, расліннасці, с.-г. угоддзяў. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя глебы, у нізінах — тарфяніста-глеістыя. Пад лесам да 30% тэрыторыі. Найб. захаваліся лясы на вяршынях узгоркаў, озавых градах, стромкіх схілах азёрных катлавін. Яловыя і ялова-шыракалістыя лясы пераважна заменены другаснымі — бярозавымі, асінавымі, чорнаальховымі, ёсць невял. масівы хваёвых лясоў. У шматлікіх паніжэннях лугі і балоты. Пад ворывам да 60% тэрыторыі.

В.​П.​Якушка.

Ушацка-Лепельскае ўзвышша ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці.

т. 16, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)